Распрацоўка ўрока па ап-ні Я.Брыля


Тэма: Трагедыя і подзвіг у апавяданні Я.Брыля "MEMENTO MORI" (памятай пра смерць)


Мэта:   спасцігнуць   глыбокі   філасофскі змест твора,  вызначыць ідэйную накіраванасць яго;
садзейнічаць развіццю духоўных сіл, зарыентаваць на маральную вартасць простага чалавека,    паказаць высакароднасць яго, прасачыць, як нараджаецца подзвіг;
сэрцам успрыняць людское гора, задумацца над чужым, сваім лёсам і жыццём;
развіваць уменне аргументаваць, матываваць, даказваць, сінтэзаваць, карыстацца фактамі тэксту, характарызаваць вобразы, вызначаць сэнс выяўленчых сродкаў, развіваць мысленчыя здольнасці і культуру мыслення;
выхоўваць патрыятызм, пачуцце павагі да подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Метадычная мэта: выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій на ўроку.

Абсталяванне:
Мастацкі тэкст апавядання Я.Брыля “Memento mori», карткі-заданні, прэзентацыя, грамзапіс  песні "Хатынь" у выкананні "Песняроў", грамзапіс песні “Малітва” на словы Я.Купалы.

Эпіграф:
                                                                              Усё пакінуць след павінна.
                                                                            Бо, як пачаўся белы свет,
                                                                                  Прамень, пясчынка і расліна
                                                                              Нязменна пакідаюць след.
Пятрусь Броўка
X о д урока

1.Арганізацыйны момант.
      1.1.Уступнае слова выкладчыка (узаемнае прывітанне выкладчыка і навучэнцаў, стварэнне эмацыянальнага настрою). Праверка падрыхтоўкі навучэнцаў да ўрока.

       2.Праверка дамашняа задання.
Выкладчык. На прошлым уроку мы знаёміліся з асобай Івана Антонавіча Брыля, вядомага ў беларускай літаратуры як Янка Брыль, яго біяграфічнымі і творчымі звесткамі. Зараз пры выкананні міні-тэсту  праверым вашы веды. (навучэнцам раздаюцца карткі-заданні з міні-тэстамі на 5 хвілін)
Міні-тэст па творчасці Я.Брыля.
І.Калі нарадзіўся Я.Брыль?
                   а) 1921г.,
                   б) 1917г.,
                   в) 1925г.
2. Дзе нарадзіўся пісьменнік?
                   а) у Таліне,
                   6) у Адэсе,
                   в) у Гомелі.
3.Як называецца апавяданне, у якім расказана гісторыя вёскі Загор'е, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва Я.Брыля?
                      а) "Марыля",
                      б) "Гуртовае",
                      в) "У снежнай пустыні".
4.У якой школе атрымаў пачатковую адукацыю Я.Брыль?
                      а) рускай,
                      б) беларускай,
                      в) польскай.
5.Які твор Я.Брыля лічыцца пачаткам яго літаратурнай дзейнасці?
               а) "Марыля",
               б) "Сірочы хлеб",
               в) "На Быстранцы".
6.У гады Вяликай Айчыннай вайны Я.Брыль
                а) ваяваў на фронце,
                б) партызаніў,
                в) працаваў у друку.
7. У якім годзе выдадзены першы зборнік апавяданняў Я.Брыля?

                       а) 1946 г.,
                       б) 1949 г.,
                       в) 1950 г.
8. У якім творы Я.Брыль апавядае пра нямецкі палон?
                         а) “Апошняя сустрэча”,
                         б) “Марыля”,
                         в) “Птушкі і гнёзды”.
9.За які твор Я.Брылю была прысуджана Дзяржаўная прэмія?
                      а) "Ніжнія Байдуны",
                      б) "У Забалоцці днее",
                      в)"Сірочы хлеб".
10. У якім годзе Я.Брылю прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі?           
                      а) 1981г.,                     б) 1991г.,                             в) 1975г.
(па заканчэнні работы навучэнцы абменьваюцца карткамі-заданнямі і правяраюць работы затым калектыўная праверка).

3.Работа над новай тэмай.
3.1.Увядзенне вучняў у атмасферу ваеннага часу.
        Уступнае слова выкладчыка.
          - У гэтым годзе мы адзначалі 72 гадавіну Вялікай Перамогі над фашызмам – адно з самых значных і знакавых свят для нашай краіны. Сёння, пасля чарговага Дня Перамогі, давайце яшчэ раз ўспомнім тыя ваенныя гады, адгорнем старонкі нашай гісторыі, трагедыі і подзвігу. Вайна … Як вы ўяўляеце вайну?

Паведамленне 1. (гучыць  песня “Хатынь” у выкананні “Песняроў”, у прэзентацыі паказваюцца малюнкі помнікаў і абеліскаў і на фоне гэтага гучыць паведамленне)
Вайна... Сёння мы ўяўляем яе па ўспамінах ветэранаў, па кадрах кінахронікі, па творах мастацкай літаратуры. Аб ёй напамінаюць брацкія магілы, помнікі.
        Можна ўявіць адлегласць ад Брэста да Масквы. Гэта 1000 км., а ад Масквы да Берліна -1600 км. Цягніком - менш, чым двое суток. А дарогамі вайны - 4 гады, 4 гады - 1418 дзён. 34 тысячы гадзін і больш 20 тысяч загінулых на 2600 км. Гэта 7,5 тысячы на 1 км, або 15 чалавек на кожныя два метры зямлі! Гэта 14 тысяч забітых штодзень, 600 чалавек у гадзіну, 10 чалавек кожную хвіліну. За гады вайны загінула болыш 10 мільёнаў дзяцей розных народаў.
У вайны трагічная статыстыка. I пра гэта трэба ведаць і памятаць. I калі б сёння па кожным загінулым аб'явілі хвіліну маўчання, краіна маўчала 632 гады.

       3.2. Матывацыя.
Выкладчык.
- Помнікам народу-змагару з'яўляецца і апавяданне Я.Брыля "Memento mori", змест якога мы сёння будзем разглядаць. Усяго тры старонкі, але яно вартае некаторых тамоў.

3.3.Запіс тэмы ўрока.
Выкладчык. Тэма нашага сённяшняга  ўрока ”Трагедыя і подзвіг у апавяданні Я.Брыля “Memento mori” (навучэнцы запісваць тэму ў канспекты). На прыкладзе гэтага твора мы пастараемся ўбачыць трагедыю беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, подзвіг савецкага чалавека на вайне. Два паняцці – трагедыя і подзвіг гучаць ў нашай тэме. Давайце падбяром асацыятыўныя паняцці да гэтых ключавых слоў (навучэнцы падбіраюць і запісваюць на дошцы).
Трагедыя – гора, смерць, слёзы.
Подзвіг – высакародства, мужнасць, гераізм.
Выкладчык.
        - Відавочна, што асацыятыўныя рады перакрыжоўваюцца, пераплятаюцца, як і ўсё ў нашым жыцці. Гэта адбываецца і ў апавяданні Я.Брыля “Memento mori”.

       3.4. Зварот да эпіграфа ўрока. (эпіграф запісаны на дошцы, паказваецца на слайдзе).
Выкладчык.
         -Эпіграфам да ўрока з’яўляюцца словы Петруся Броўкі. (зачытваецца  эпіграф).
         -Які след у людской памяці павінен пакінуць пасля сябе чалавек? (вылухваюцца адказы навучэнцаў).
        - А які след пакінуў пасля сябе галоўны герой апавядання Я.Брыля “Memento mori” мы даведаемся пасля разгляду зместу твора. Але напачатку паслухаем гісторыю стварэння  апавядання. (навучэнец выступае з паведаменнем пра гісторыю стварэння аавядання).

Паведамленне 2.
           Янка Брыль напісаў апавяданне “Memento mori” ў 1958 годзе. У яго аснову былі пакладзены сапраўдныя падзеі, што адбыліся на Скідальшчыне Гродзенскай вобласці. Прататып галоўнага героя – сябар пісьменніка Даніла Скварнюк, з яім пасябравалі ў даваенны перыяд. Іх аб’ядноўвала цікавасць да літаратуры, асветніцкая дзейнасць, яны захапляліся вучэннем Льва Талстога. Даніла Скварнюк меў залатыя рукі, быў выдатным сталяром, печніком. Ён добра зарабляў, таму мог дазволіць сабе купляць кнігі, выпісваць беларускія газеты. Гэта быў чалавек вясёлага нораву, з добрым пачуццём гумару, любіў пажартаваць.
            У час Вялікай Айчыннай вайны фашысты намераліся спаліць родную вёску Данілы Пузевічы, каб адпомсціць за сувязь яе жыхароў з партызанамі. Сярод людзей нямецкі афіцэр убачыў знаёмага, які зрабіў яму добрую печ, і хацеў падараваць яму жыццё. Даніла спрабаваў выратаваць сваіх аднавяскоўцаў, але гэта ў яго не атрымалася. І ён загінуў разам з усімі. Пра подзвіг гэтага чалавека Янку Брылю расказаў заходнебеларускі паэт Міхась Васілёк.
           Янка Брыль доўга выношваў задуму апавядання. Прычынай было тое, што творы такога плана праблематычна было надрукаваць, бо доўгі час было прынята не паказваць трагічныя старонкі вайны. Па гэтай прычыне Янка Брыль не мог надрукаваць апавяданне.  

4.Знаёмства а апавяданнем.
Выкладчык.
      -  Дома вы прачыталі апавяданне. Зараз мы разбяром яго змест. Працаваць будзем у творчых групах. (для кожнай групы даюцца пытанні; навучэнцы адкрываюць падручнікі з тэкстам на ст.364).    
                      
Алгарытм даследавання для творчых груп.
Група 1.
1. Што пакладзена ў аснову апавядання?
2. Хто з’яўляецца галоўным героем твора?
3. Чаму пісьменнік не даў імя свайму герою?
Група 2.
1.  Што мы ведаем пра папярэдняе жыццё галоўнага героя?
2.  Як пісьменнік перадае душэўны стан свайго героя?
3.  Чаму галоўны герой, маючы магчымасць жыць, палічыў за лепшае памерці?
Група 3.
1.   Як мяняюцца рэплікі галоўнага героя на працягу дыялога з зондэрфюрэрам?
2. Прасачыце, як нараджаецца подзвіг чалавека з народа. Зачытайце з тэксту
       3.Якім паўстаў галоўны герой з апошняга свайго маналога?
Група 4.
1.  Якіх жыцёевых прынцыпаў прытрымліваецца зондэрфюрэр?
2.  Дайце партрэтную характарыстыку гэтага вылюдка. Зачытайце з тэксту.
        З.Чаму пачаў злавацца зондэрфюрэр?
 Група 5.
    1.Якое месца ў творы займае перакладчыца Вера?
    2.Чаму аўтар выбраў для перакладчыцы імя Вера?
    3.У якім выпадку і як яна праяўляе сваю ініцыятыву?
Група 6.
         1.Чаму ў апавяданні няма назвы вёскі?
         2.Які фінал апавядання?
         3.Як зразумець заклік пісьменніка “Памятай пра смерць”?

Выкладчык.
        -Загаловак,узяты за назву апавядання, лацінскі выраз, што азначае “Памятай пра смерць”. Ён нагадвае нам пра тое, што ўсе і ўсё на зямлі пакідае след. І толькі ад самога чалавека залежыць, які будзе гэты след. Яшчэ раз звернемся да эпіграфа ўрока. (зачытваецца эпіграф).
     
        -А які след пакінуў пячнік з апавядання? (Гэта след сумленнасці, чалавечай годнасці, любові да людзей, мужнасці.)

         -Якая ідэя твора? (навучэнцы запісваюць у канспект)
(Паказ маральнай перавагі чалавека з народа над ворагам. Такі народ перамагчы нельга.)
       
      5.Сінтэз.
Выкладчык.
         -Жыццё працягваецца. Нельга знішчыць, пусціць дымам усё жывое. Жыла і жыве прырода. Адны людзі паміраюць, другія нараджаюцца. Жыве чалавек, бо народ бессмяротны.(гучыць грамзапіс песні “Малітва”)
                             Мы двух мільёнаў крык жывы,
                                                        людскі касцёр,
                             Надзеяй сатлелы цвет, асыпаны на жвір, -
                             Звяртаемся да вас, братоў сваіх, сясцёр:
                           -Змагайцеся за мір, вартуйце пільна мір,
                            Каб хіжых чорных крыл навек не распасцёр
                            Над вамі новых войнаў жудасны касцёр.

---Да чаго заклікаюць нас гэтыя вершаваныя радкі? (берагчы мір).
Гэтымі словамі і хочацца закончыць наш сённяшні ўрок.

6.Дамашняе заданне.
Вуснае сачыненне-разважанне. "У чым сэнс жыцця чалавека" (паводле апавядання "Memento mori").

7.Ацэнка ведаў навучэнцаў.

8.Рэфлексія.

Ліст самаадчування.

Прозвішча, імя _________________________

Як я сябе адчуваў на ўроку:
    1.было цікава
    2.я сумаваў
    3.я стаміўся
    4.хацелася працаваць
    5.ледзь дачакаўся канца ўрока
    6.не заўважыў, як прайшоў урок
    7.актыўна працаваў

Якую адзнаку я сёння заслужыў: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10.
















                                                              Дадатак
Адказы на пытанні

Група 1.
    1.Маральны паядынак чалавека і вылюдка, сіла зброі і сіла духу.
    2.Пячнік.
    3.Гэтым аўтар падкрэслівае, што ён проста чалавек, вялікі майстар. Вынік працы яго рук – добрыя печы.

Група 2.
    1.Пячнік жыў са сваёй сумленнай працы і быў вялікім майстрам сваёй справы.
    2.”Бледны, са скамянелымі вачамі: бяскроўныя губы перасмыкаліся, старому цяжка было гаварыць, цяжка вымаўляць – настолькі ён прыціснуты страшэнным цяжарам. Фразы атрымліваюцца няпоўныя.”
    3.Пячнік гіне фізічна, атрымаўшы маральную перамогу. Ён горды, непакорны, не страціў сваёй годнасці. Ён не пажадаў літасці ад ворага, бо без аднавяскоўцаў не бачыў радасці і сэнсу жыцця.

Група 3.
    1.Яго фразы спачатку кароткія, сказы няпоўныя, словы няўпэўненыя, але паступова яны становяцца ўпэўненыя.
    2.”Пад чорнай навіссю броваў ажылі нарэшце вочы старога. Губы зусім перасталі дрыжаць. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам ён узняў галаву: “А што ён думаў… Цьфу!”
    3.Асілкам, які адчуў перавагу над гэтым вылюдкам, які захацеў вызваліць усіх добрых людзей. Ён імкнецца застацца чалавекам.

Група 4.
    1.Гэта эсэсар, які прысвоіў сабе права забіраць жыцці іншых людзей. Пры чым ён выбраў не воінаў, а старых, жанчын, дзяцей. Сродак яго забойства – самы жахлівы – спаліць у адрыне жывымі.
    2…. Непрыемна моршчыўся ад дзікага крыку і плачу. …У скураных пальчатках. Ён хоча выглядаць культурным, інтэлігентным чалавекам.
    3.Ён зразумеў, што фізічнай сіле супрацьстаіць моц духу, што яго какетства было дарэмным. Ён спяшаўся забіць печніка за тое, што той адказаўся ад жыцця.

Група 5.  
    1.Аўтар называе яе “істотай у скураным паліто”. Яна проста жывы арганізм, не чалавек, а істота. Добра апранутая. Белы колер хусткі падкрэслівае, што яна страціла чалавечае аблічча, ператварылася ў прывід.
    2.Называючы яе такім імем, аўтар паказвае, што ў гады вайны страчвалася вера ў што-небудзь чалавечае.
   3.Яна раіць печніку не маніць, калі ён хоча жыць, бо хутка ўсіх спаляць. Не можа не выклікаць жах яе абыякавасць, з якой яна гаворыць з чалавекам, якому пагражае смерць.

Група 6.
    1.Такіх вёсак на Беларусі было шмат. Спалена і разбурана 9200 вёсак, знішчана разам з жыхарамі 677 паселішчаў.
    2.У фінале апавядання спалучаецца сцэна забойства печніка і ўслаўленне яго подзвігу аўтарам. Супрацьпастаўляюцца паняцці жыцця і смерці, часовага і вечнага.
    3.Я.Брыль заклікае нас памятаць пра тое, што мы не вечныя на гэтай зямлі. Гэтыя словы звернуты да ўсіх людзей, каб яны жылі па законах чалавечнасці, гуманнасці, дабрыні, каб не рабілі зла іншым, бо яно заўсёды вернецца да таго, хто яго творыць.













Комментариев нет:

Отправить комментарий